Трэцяя чэмпіёнка Беларусі па шахматах – Гарб!

 

 

 

У 2009 г., калі апісваў перамогі мінчанкі Дунер (1-ы чэмпіянат БССР, 1928 г.) і бабруйчанкі Мееровіч (2-гі чэмпіянат, 1932 г. http://bychess.com/news/drugaja-chjemp%D1%96enka-belarus%D1%96-%E2%80%93-meerov%D1%96ch ), «недаацаніў» я тутэйшых герадотаў: думаў, яны толькі на адзін чэмпіянат рэспублікі забыліся… Аказваецца, і першынство 1934 г. прапушчана ў іхніх летапісах, і дарэмна я напісаў у № 19 «Альбино плюс», што ніхто з удзельніц чэмпіянату 1928 г. «пазней не дабіўся значных вынікаў у гульні». Прынамсі адна дабілася, выйграўшы «золата».

У 1933 г. паралельна з мужчынскім не праводзіўся чэмпіянат БССР па шахматах сярод жанчын: у кожным разе, ні ў «Звяздзе», ні ў «Чырвонай змене», ні ў «Шахматах в СССР» пра яго няма ніякіх звестак. А вось у прэсе 1934 г. згадак пра жаночыя турніры «імя газеты “Звязда”» (і шахматны, і шашачны) зусім не мала. Між іншага заўважу, што варта было б і Беларускай федэрацыі шашак паправіць свае спісы: чэмпіёнкай-1934 па шашках стала бабруйчанка Баскіна (гл.: «Звязда», 08.08.1934).

У «Звяздзе» 01.08.1934 была надрукавана «Праграма спаборніцтваў», згодна з якой «жаночы шахматны чэмпіянат» павінен быў уключаць «10-12 ўдзельніц». Але высветлілася, што змагацца гатовыя 6 дам: Брын і Гарб (Віцебск), Ільіна (Гомель), Інтарэсава (Магілёў), Каган (Бабруйск) і Нікалаенкава (Менск). Асноўная барацьба ішла паміж Гарб (удзельніцай першых двух чэмпіянатаў), Каган і Нікалаенкавай. Партыі шахматыстак не заўсёды вырашаліся ў дэбюце – часам і адкладваліся. Мінская газета «Рабочий», 04.08.1934: «У жаночым шахматным першынстве лепшыя шансы на першае месца ў мінчанкі НІКАЛАЕНКАВАЙ, якая мае ў адкладзеных партыях па некалькі лішніх фігур».

Да фінішу Гарб і Нікалаенкава прыйшлі з аднолькавай колькасцю ачкоў. Віцяблянка, як можна даведацца з нататкі А. Касперскага ў «Шахматах в СССР» № 9, 1934, выйграла матч за 1-е месца (цікава, што ў маскоўскім часопісе прозвішчы абедзвюх пераможніц сказіліся: «Горб» і «Николавкова»). «Чырвоная змена» 10.08.1934 падала прозвішчы шахматыстак без памылак, удакладніўшы, што Гарб выйграла «рашучы матч» з лікам 2:0, затое перамогу ў шашачным першынстве чамусьці прыпісала Плоткінай, зямлячцы Баскінай. Паводле версіі «Звязды», Плоткіна заняла толькі 4-е месца, пасля Белкінай і Гімельштэйн.

Дзіўна, але ні газета «Віцебскі пролетарый», ні бабруйскі «Комуніст» у 1934 г. не далі інфармацыі пра перамогі сваіх зямлячак, на інтэрв’ю ж з чэмпіёнкамі і спадзявацца не выпадала. Тады цанілася «грамадская актыўнасць» (напрыклад, сумяшчэнне шахмат-шашак з камсамольскай работай), а што жанчыны выйгралі чэмпіянаты рэспублікі – ну і хай сабе, чаго з імі малімоніцца…

Віцэ-чэмпіёнку Нікалаенкаву звалі Таіса, і ў тым жа 1934-м яна стала жонкай віцэ-чэмпіёна БССР Гаўрылы Верасава. Пра Гарб вядома, што ў 1932 г. яна, як бронзавая прызёрка першынства БССР, атрымала трэцюю ўсесаюзную катэгорыю. Пасля перамогі 1934 г. яна паехала ў Маскву на жаночае першынство СССР, дзе выступіла не дужа ўдала: у паўфінале заняла перадапошняе месца (але выйграла ў вопытнай ленінградкі М. Гірвідз). Нават імя Гарб пакуль не ведаю. Калі хтосьці можа праясніць лёс чэмпіёнкі, напішыце... Для гісторыі няблага было б знайсці і табліцу III чэмпіянату БССР сярод жанчын, не кажучы пра партыі.

 

 

Першы ў БССР жаночы шахматны турнір і яго пераможніца

 

У зборніку «Шахматисты Белоруссии» (Мінск, 1972, с. 7) пра 1928-ы год гаворыцца: «Впервые в республике в Климовичах состоялся женский турнир». Тое самае А. Ройзман напісаў у мінскім часопісе «Шахматы» № 3, 2005 (с. 33). Але насамрэч першы турнір адбыўся больш чым на год раней.

Ужо ў № 11, 1927 «Шахматного листка» чытаем: «Климовичи (БССР). Центром шахматной жизни является партпрофклуб, который провёл чемпионат при 15 участниках (в том числе 3 женщины). На первом месте вышли т.т. Давыдов, Юргелевич, Числов». У той час сабраць разам трох шахматыстак было няпроста і ў Мінску, не тое што ў магілёўскай правінцыі… Але яшчэ раней (у № 4, 1927) у часопісе між іншым гаварылася: «В Климовичах прошёл первый женский турнир при участии 8-ми женщин». У № 14, 1927 з’явілася іншая вестка з Клімавіч: «…Был проведен также женский чемпионат, закончившийся победой Зелькиной».

Я думаў, што ідзецца пра два розныя турніры… Але іркуцкі журналіст Раміль Мухаметзянаў прыслаў копію заметкі з іншага часопіса, «Шахматы и шашки в рабочем клубе» № 13, 1927. З гэтага часопіса ясна, што першы жаночы турнір адбыўся нават не ў пачатку 1927 г., а ў канцы 1926-га: «В конце прошлого года проведен (при пяти участниках) первый в Белоруссии женский шахматный турнир. Первое место завоевала Зелькина (+7 из 8), второе – М. И. Бахрах (+6)». Падобна, турнір быў усё-такі адзін, ён жа і чэмпіянат горада. У часопісе апублікавана фота Зелькінай – праўда, яно малое і не дужа выразнае.

Як ні дзіўна, у 1928 г. лідэрка клімавіцкіх шахматыстак не выступіла ў І жаночым чэмпіянаце БССР (у адрозненне, напрыклад, ад чэмпіёнкі Віцебска Н. Сямеўскай). Ды след у гісторыі пакінула. Пакуль не даказана адваротнае, яе варта лічыць пераможніцай першага на нашых землях шахматнага турніру сярод жанчын.

 

 

Вольф Рубінчык, г. Мінск

rubinczyk@yahoo.com

 

Пашыраны варыянт матэрыялаў, надрукаваных у «Альбино плюс» (Лунінец), № 50, 2012

 

Hosted by uCoz