Чацвёртая чэмпіёнка БССР (1935 г.) –
Шафраноўская
Пасля жаночага шахматнага чэмпіянату 1934 г., выйгранага Гарб, новага
спаборніцтва доўга чакаць не давялося (як заўсёды, здзіўляе, што ў пасляваенных
крыніцах пра яго ані гуку). Ужо ў жніўні 1935 г. шахматысткі з розных гарадоў
сабраліся ў Магілёве.
Чэмпіёнкай стала Шафраноўская з Гомеля. Пра яе вядома няшмат – хіба тое,
што яна прадстаўляла “Гамсельмаш”.
Гомельская газета “Палеская праўда” пісала: “У жаночым шахматным чэмпіянаце сабраліся лепшыя сілы Беларусі: з
Віцебска – пераможца леташняга першынства т. Гарб, талантлівая менчанка т.
Нікалаенкава, выйграўшая ў сеансе ў Ліліенталя; тав. Каган (Бабруйск) і маладыя
растучыя шахматысты тт. Піпкіна, Шапіра і Тумарысон. Ад Гомеля прынялі ўдзел т.
Шафраноўская (Сельмаш) і т. Ільіна (Белтранс).
З першыхх тураў выявілася,
што барацьба будзе нялёгкай… Т.т. Шафраноўская, Гарб і Нікалаенкава да апошняга
тура ішлі на першым месцы і толькі выйгрышам у апошнім туры ў Ільіной т.
Шафраноўская апярэдзіла спаборнічаючых на палавіну ачка і заняла чыстае першае
месца, атрымаўшы званне чэмпіянесы БССР па шахматах…”
Такім чынам, было восем удзельніц. Работніца фабрыкі “КІМ” Шапіра ўлетку 1935 г. перамагла ў чэмпіянаце Менска – пра гэта пісала “Звязда”.
Прапаную ўрывак з партыі Гарб – Каган, згулянай у чэмпіянаце БССР 1935 г.,
з каментарамі Антона Касперскага (“Звязда”, 12.11.1935). Калі б Каган выйграла
гэтую партыю, то стала б чэмпіёнкай з сям’ю ачкамі… а Шафраноўская з 6,5
апынулася б на другім месцы.
Белыя: Крg2, пп: a5, b4, c6, d4 (5)
Чорныя: Kpe4, пп: а6, с7, d6, g3 (5)
“Белымі іграла т. Гарб (Віцебск), чэмпіёнка па
шахматах з 1934 г.; чорнымі іграла надта здольная шахматыстка т. Каган
(Бабруйск).
Палажэнне чорных яўна выйгрышнае. Іх кароль
наблізіўся да чорных пешак і лёгка іх заваёўвае, тым больш, што кароль белых не
можа падаспець да абароны сваіх пешак. Аднак-жа ў кожнай пазіцыі трэба ўважліва
ўлічыць усе магчымыя контршансы партнёра і не даць іх ажыццявіць. Тав. Каган
лічыла, што па чарзе зніме ўсе пешкі белых і белыя павінны будуць здацца. Таму
проста сыграла 1… Кр:d4? і гэты ход
з’явіўся рашаючай памылкай, пасля якой партыя прайграна, але не белымі, а ўжо
чорнымі! Было 2. b5! Kpc5 (нельга ab, бо а6 і выйграюць) 3. ba Kpc6 4. Kpg3. Кароль чорных у мяшку, на любы ход караля
выйграе а6-а7, застаецца толькі ход d6-d5, але кароль белых падыходзіць, заваёўвае і гэту
пешку, пасля чаго кароль чорных павінен рабіць ход і партыя праіграна.
Змешчаная канцоўка лёгка выйграна для т. Каган, але трэба было замест першага
памылковага ходу Кр:d4? іграць Крd5! і ўжо потым па чарзе забраць пешкі белых.
Так адзін няўважлівы ход, а колькі непрыемнасцей!”
Гісторыя паўтараецца: той, хто чытаў кнігу Кіры Зварыкінай “В рядах
шахматной гвардии”, прыпомніць, што ў аналагічны “мяшок” Кіра Аляксееўна
злавіла караля Валянціны Барысенка (праўда, белага) у 1962 г.
Звяртаюся да чытачоў brestchess.narod.ru з просьбай знайсці дадатковыя звесткі пра ўдзельніц IV жаночага першынства БССР па шахматах (1935 г.)
Вольф Рубінчык, г. Мінск
rubinczyk@yahoo.com